КУРА́-АРА́КСІНСКАЯ НІЗІ́НА У Закаўказзі, у Азербайджане, у ніжнім цячэнні рэк Кура і Аракс. На У абмываецца Каспійскім м. Даўж. 250 км, шыр. 150 км. Выш. каля 200 м, у сярэдняй і ўсх. частках ніжэй узр. акіяна. Алювіяльна-акумулятыўная раўніна. У аснове — Ніжнекурынскі сінклінорый. Радовішчы нафты. Рэльеф ускладнены конусамі вынасу рэк, грывамі, паніжэннямі («чалы»), узгоркамі з гразевымі вулканамі. Клімат сухі субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. 1,3—3,6 °C, ліп. 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў 200—400 мм. Глебы шэразёмныя і бурыя, шмат саланчакоў і саланцоў. Палыновыя і салянкавыя паўпустыні, выкарыстоўваюцца як зімовыя пашы. На арашальных землях вінаграднікі, сады, вырошчваюць бавоўнік. Асобныя часткі К.-А. н.: Карабахская, Муганская, Шырванская, Мільская раўніны.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)